Ілюстрацыйнае фота Наша Ніва
Пра гэтую справу стала вядома з пастановы суда Маскоўскага раёна Брэста, дзе адбываўся суд над жанчынай.
У пачатку 2024 года жанчына прадала на радзіме дом і аўтамабіль, і ў лютым з грашыма вярталася да свайго мужа праз Беларусь (раней сужэнцы выехалі з тэрыторыі Украіны да сваякоў). З сабой ва ўкраінкі былі ўсе грошы, якія накапіла сям’я і якія ўдалося выручыць за продаж нерухомасці і машыны — усяго 25 735 даляраў, 375 еўра, 2600 расійскіх рублёў, пяць беларускіх рублёў і 11 грыўняў, што па курсе роўна амаль 26,2 тыс. долараў.
Падчас перасячэння мяжы ўкраінка пайшла разам з іншымі пасажырамі па зялёным калідоры. Да жанчыны падышоў мытнік і запытаўся, ці вязе яна грошы. Тая адказала станоўча і паказала суму. Жанчыну адвялі ўбок, пералічылі грошы і канфіскавалі іх, склаўшы пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні паводле ч. 2 арт. 15.5 КоАП аб недэклараванні грашовых сродкаў.
На суд, які адбыўся 28 сакавіка 2024 года, жанчына не з’явілася, ейныя інтарэсы прадстаўляў адвакат. Ён прывёў тлумачэнні жанчыны пра тое, што яна другі раз у жыцці заязджала ў Беларусь, з грашыма — увогуле ўпершыню. Яна не ведала парадку дэкларавання, але не хавала, што мела з сабой вялікую суму.
На судзе мытнікі заявілі, што, пераступіўшы рысу зялёнага калідора, жанчына фактычна заявіла пра адсутнасць тавараў і грошай, якія трэба дэклараваць.
Да гэтага, маўляў, у яе была магчымасць азнаёміцца з інфармацыйнымі стэндамі перад мытным пастом, а з пытаннем аб парадку дэкларавання яна магла звярнуцца да мытніка яшчэ да таго, як перасекчы рысу зялёнага калідора. Відэафайлы, вынятыя з камер мытні, на якіх павінна было быць зафіксаванае правапарушэнне, у судзе не адкрыліся, што не стала перашкодай для суддзі.
У выніку суд прыйшоў да высновы, што ўкраінка вінаватая ў правапарушэнні, і прызначыў ёй штраф у 5 базавых велічынь (200 рублёў), а таксама канфіскаваў усю незадэклараваную суму грошай. Пры гэтым, як адзначае выданне, ч. 2 арт. 15.5 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу як з канфіскацыяй незадэклараваных сродкаў, так і без яе. Тым не менш суддзя вырашыла пакінуць украінку без усіх зберажэнняў сям’і.
Чытайце таксама:
Жыхар Баранавічаў з-за тэхнічнай памылкі атрымаў 700 тысяч рублёў, але патраціў не ўсё
Cуд наклаў на Пратасевіча штраф — 24,5 мільёна рублёў. Ён у шоку