Палітвязень Андрэй Паротнікаў. Фота: Радыё Свабода
Паводле крыніцы «Радыё Свабода», Андрэя Паротнікава вінавацяць у здрадзе дзяржаве, але ён па-ранейшаму сваёй віны не прызнае.
«Усе прыкметы такія, што следчыя дзеянні завяршаюцца і хутка будзе прызначаны суд», — паведаміў суразмоўца «Свабоды», але адмовіўся паведаміць дэталі, спаслаўшыся на захады бяспекі.
Пра ўмовы, у якіх трымаюць Андрэя Паротнікава, вядома няшмат. Крыніца паведаміла, што Андрэя выводзяць на прагулкі, ён атрымлівае перадачы і лістуецца са сваякамі.
«Са здароўем, здаецца, не так кепска, трымаецца», — дадаў суразмоўца.
Вайсковы аналітык Андрэй Паротнікаў быў арыштаваны ў сакавіку 2023 года, і з таго часу яго трымаюць у СІЗА КДБ. Пасля ягонага затрымання з афіцыйных крыніц стала вядома, што яго падазраюць у «здрадзе дзяржаве». За гэта Паротнікаву пагражае да 15 гадоў зняволення.
Паводле крыніц, доўгі час следчых дзеянняў па справе Андрэя Паротнікава з ягоным удзелам не вялося, але ў 2024 годзе следчыя актывізаваліся.
У верасні 2023 года беларускія праваабаронцы прызналі кіраўніка аналітычнага цэнтру Belarus Security Blog Андрэя Паротнікава палітвязнем.
Чытайце таксама:
Андрэй Паротнікаў замовіў сабе ў СІЗА КДБ падручнік іспанскай мовы