«Была ў свядомасці, ляжала тварам на зямлі і глядзела на чыесьці ногі»

Фрунзенская раённая бальніца знаходзіцца ў аграгарадку Дворышча Дзяржынскага раёна. Гэта аднапавярховы будынак, пафарбаваны ў стандартны салатавы колер, разлічаны на 40 ложкаў, з іх 15 — сястрынскага догляду. Усе яны занятыя. Тут знаходзяць часовы прытулак тыя, хто ўжо не можа паклапаціцца пра сябе самастойна, і іншай магчымасці, акрамя як атрымаць дапамогу ў бальніцы, не мае.

Звычайна пацыенты тут падоўгу не ляжаць: пасля заканчэння трох месяцаў іх імкнуцца размеркаваць па дамах-інтэрнатах. Але не заўсёды гэта ўдаецца, і некаторыя жывуць у бальніцы гадамі.

Дакументы Ірыны Краўчанкі, напрыклад, былі ўжо гатовыя да таго, каб яна пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў дом-інтэрнат. Але яна адмовілася і з лютага 2020 года жыве ў чатырохмясцовай палаце з відам на былую грамадскую лазню, стыльны чырвоны катэдж і высокія хвоі з пухнатымі галінамі. Прызнаецца, што ёй тут падабаецца.

На тумбачцы каля ложка ў Ірыны ляжыць стос жаночых раманаў. Літаратуру прыносіць мясцовая бібліятэкарка Ірына Аляксееўна — за чатыры гады яна вывучыла густы чытачкі і беспамылкова падбірае для яе кнігі.

— Цяпер чытаю раман «Чорная кошка ў люстэрку», — гаворыць Ірына. Яна дакранаецца да вуснаў правай куксай, змочвае яе слінай, як калі б гэта былі пальцы, перагортвае старонку, затым яшчэ адну.

Правая рука ў яе захавалася лепш: не закрануты локцевы выгіб, за кошт чаго сфармавалася вузкая кукса. Левая ж, адсутная да пляча, да штодзённага жыцця амаль не прыстасаваная. Аднак у пэўны момант і яна важная: усё цела ўключаецца ў працэс, калі Ірына, напрыклад, самастойна пералазіць з ложка ў інваліднае крэсла і назад.

Раманы, што чытае Ірына, лёгкія і вельмі далёкія ад рэальнага жыцця — такая супрацьвага ёй, кажа, і патрэбна, каб адцягнуцца. Да гісторыі пяцігадовай даўніны жанчына стараецца лішні раз не вяртацца, але калі просяць, то расказвае пра ўсё спакойна, у дэталях успамінаючы тыя жудасныя падзеі.

— Гэта была пятніца, 20 верасня 2019 года. У той дзень я паехала на маршрутцы з Дзяржынска на лецішча ў Тур'якава — там у свякрухі былі агарод, парнік з памідорамі, агуркамі і перцамі. Я была ў працоўнай спецвопратцы, якую мне аддаў муж, — лёгкай зялёнай куртцы і штанах.

Побач з прыпынкам ёсць грыбны лес — вырашыла туды зайсці, зрэзаўшы шлях праз кукурузнае поле. Іду і чую: здаецца, трактар ідзе! Кукуруза высокая, нічога не відаць, адкуль гук ідзе, незразумела. Думаю, дай адыйду ўбок. І не паспела!

Спачатку мне адрэзала ногі, потым падкінула ўверх, і я ўпала на зямлю. І ўжо калі ляжала, зацягнула спачатку адну руку, потым другую. Увесь гэты час я была ў свядомасці, і мне здавалася, што ногі як быццам адсцябалі крапівой. Потым я мімаходзь убачыла сваю руку ў жатцы і падумала: усё, ужо не прышыюць.

Камбайнер спыніўся, як толькі змог заўважыць чалавека на зямлі. Ірына кажа, што ён моцна крычаў — быў у шоку.

— Я ляжала тварам на зямлі і глядзела на чыесьці ногі ў ботах. Увесь час была ў свядомасці. Людзей набегла шмат, яны стаялі купкай на полі і баяліся падысці — чакалі МНС, каб выцягнуць мяне са жняяркі.

Першай прыехала хуткая, лекары разрэзалі рукаў, зрабілі ўкол. Потым прыехалі ратавальнікі, дасталі са жняяркі. Камбайнеру, памятаю, таксама было дрэнна. Яму лекары хуткай выклікалі новую брыгаду, бо займаліся мною.

«Калі Сяргей памёр, я сама патэлефанавала ягонай роднай сястры, узяўшы тэлефон зубамі»

Проста з поля пацярпелую даставілі ў аперацыйную Дзяржынскай раённай бальніцы. Ліфцёрка, акінуўшы яе позіркам, абнадзейліва сказала: «Ты выжывеш!» І Іра выжыла. Праз чатыры дні яе з рэанімацыі ўжо перавялі ў хірургію, дзе яна праляжала больш за два месяцы.

Са шпіталя яе забраў Сяргей — мужчына, з якім яны пражылі разам 17 гадоў. Яны не былі распісаныя, але Ірына называла яго мужам.

— Да знаёмства з Сяргеем жыла ў інтэрнаце ў Дзяржынску. Напэўна, пакой да гэтага часу за мной лічыцца, але жыць там, нават калі б я захацела, ужо не змагу: побач пастаянна павінен хтосьці быць. А Сяргей, нягледзячы на тое, што маці яго адгаворвала (з-за гэтага Ірына дагэтуль не размаўляе са свякрухай. — Заўв. «Анлайнера»), забраў да сябе і звольніўся з працы, каб даглядаць мяне. Карміў з лыжачкі, паіў, купаў, памперсы мяняў. Адзін раз мне давялося паехаць у бальніцу, каб прайсці камісію на групу. Тады я зразумела, што без Сяргея я нічога сама не магу — нават патэлефанаваць.

Менавіта ў той кароткі бальнічны перыяд Ірына навучылася самастойна карыстацца тэлефонам: брала ў зубы аловак і націскала на кнопкі. Гэты навык вельмі спатрэбіўся ёй, калі лютаўскай раніцай Сяргей прылёг побач на ложак і стаў задыхацца.

— Усё было як звычайна: я схадзіла на «утку», Сяргей вынес яе ў прыбіральню, вярнуўся і прылёг побач. Яшчэ сямі гадзін не было. Потым раптам захрыпеў двойчы — і ўсё, я разумею, што яго, напэўна, ужо няма. Я злезла з ложка і на каленачках абышла вакол канапы, таму што ягоны тэлефон ляжаў на стале, а не каля мяне. Зубамі ўзяла тэлефон, аловак і набрала ягонай роднай сястры Іры.

«Марынка, прынясі мае ногі!»

Праз два дні пасля смерці Сяргея Ірына апынулася на сацыяльным ложку ў Фрунзенскай участковай бальніцы аграгарадка Дворышча. Калісьці яна вучылася тут у мясцовай школе — і месца, і людзей ведае добра.

— Пасля смерці Сяргея я зразумела, што больш няма той апоры, якая ў мяне была. Разумела, што трэба неяк спраўляцца самой. У першыя дні, напрыклад, не магла садзіцца на вазок і назад — дапамагалі санітарачкі і медсёстры. А потым вырашыла спрабаваць самастойна — так і навучылася.

Дзень Ірыны падстроены пад бальнічны расклад: пад'ём а восьмай раніцы, сняданак, абед, вячэра і тэлевізар з пятай да дзясятай вечара. З туалетам, гігіенай і апрананнем дапамагаюць санітаркі, якім жанчына вельмі ўдзячная за трапяткі клопат. Калі трэба заварыць каву ці выехаць на вуліцу, тут заўсёды побач верная Марына, яе суседка па палаце.

Прымаць ежу Ірына навучылася самастойна дзякуючы санітарцы Анжэле Браніславаўне. Тая падгледзела ў інтэрнэце лайфхак: зрабіла з пластыкавай бутэлькі і лыжкі зручнае прыстасаванне — і справа пайшла.

— Спачатку яна дапамагала мне надзяваць гэты самаробны «пратэз», а потым я і сама налаўчылася. Ем гэтай лыжачкай усё: і першае, і другое, і нават яйка зачапіць магу!

Зрэшты, у Ірыны ёсць сапраўдныя пратэзы ног і правай рукі, вырабленыя па яе мерках. Зрабілі іх яшчэ ў працэсе рэабілітацыі, калі жанчына пасля цяжкай траўмы аднаўлялася ў Мінску. Праўда, пратэзы не выкарыстоўваюцца і захоўваюцца ў бакоўцы ў канцы калідора.

— Марынка, прынясі мне ногі, — просіць Ірына сяброўку. — Пакажу, але надзяваць не буду: не ўлезу ўжо!

У бальніцы Марына жыве прыкладна столькі ж часу, колькі і Ірына. Напэўна, таму і пасябравалі, хоць жанчыны — супрацьлегласці адна адной. Марына — далікатная, вельмі адчувальная, з сінімі наіўнымі вачыма і кароткай стрыжкай. Пачуўшы просьбу Ірыны, яна паслухмяна знікае за дзвярыма.

— Вось твае «ногі», — кажа Марына.

Яна ставіць цяжкі мяшок каля ложка і з намаганнем спрабуе выцягнуць адтуль пратэзы.

— Калі мы былі ў кабінеце ў лекара, нявестка ўбачыла на плакаце прыгожы пратэз і спыталася: «А колькі такая рука будзе каштаваць?» Калі ён сказаў, што €50 тыс., мы і раты пазакрывалі. Так, яна ўсё робіць, гэтая рука, але ў нас такіх грошай ніколі не будзе, — кажа Ірына, разглядаючы ўласны пратэз для правай рукі.

Пальцы пратэза пластмасавыя, цвёрдыя, рухаць імі можна за кошт тросіка — калі ён нацягваецца, пальцы сціскаюцца.

— Ну вось паперку можна зачапіць, за пусты кубак магу ўхапіцца, за дзвярную ручку, а вось поўную кружку ўжо не падыму, і лыжку таксама, — паказвае Ірына, на што здольная з такой рукой.

— Ну, што гэта за пратэз? — заступаецца за Ірыну адзін з супрацоўнікаў, пачуўшы наша абмеркаванне ў доўгім бальнічным калідоры. — Іра ім хіба што цыгарэту трымаць магла! А так толку мала.

Ірыну такая «падтрымка» зачапіла: маўляў, трэба ж, ужо наябеднічалі пра яе слабасць! Курэнне — яе асабістая справа. Таму проста ўдакладняецца, як яна гэта робіць.

— Як-як, а вось так! Санітарка (ці Марына) устаўляе мне ў зубы цыгарэту, падпальвае, я зацягваюся, яна дастае, устаўляе, — Ірына імітуе рухі, узмахваючы правай куксай у паветры, і пры гэтым прыкметна злуецца.

Не карыстаецца Ірына і пратэзамі для ног. З моманту паступлення ў бальніцу яна набрала вагу, і цяпер пратэзы ёй ціснуць. Акрамя таго, кажа яна, ёсць і іншыя прычыны.

— У мінскай бальніцы мяне ставілі на пратэзы, паказвалі, як хадзіць. Трохі атрымлівалася, але, каб хадзіць, трэба было рабіць гэта ўвесь час, праз боль, пакуль не загрубее скура. Потым ужо было б лягчэй. Але на той момант не было чалавека, які змог бы суправаджаць мяне ў рэабілітацыйны цэнтр. Калі б хтосьці дапамагаў, падтрымліваючы хоць бы з аднаго боку, я б навучылася! — упэўненая Ірына.

Марына тым часам ставіць «ногі» ля ложка Іры. Яны губляюць раўнавагу і па некалькі разоў падаюць.

— Вядома, не як у Рамана Кастамарава, — іранізуе Ірына, акідваючы поглядам прынесеныя «ногі». — Мае цяжкія, тут шмат металу і скуры. Вось у Рамана — так, зусім іншыя пратэзы. Бачыла па тэлевізары.

«Сына выгадавала родная сястра»

Цяпер Ірыне Краўчанцы 56 гадоў. У яе першая група інваліднасці і пенсія 582 рублі. З гэтай сумы 90% вылічваюцца за сацыяльны ложак, харчаванне і догляд. Ірына прызнаецца, што калі б і давялося з'ехаць з бальніцы, то ўжо дакладна не ў інтэрнат. Хочацца да сына.

Праўда, ёсць адно «але», пра якое Ірына не хоча распаўсюджвацца: сына, да якога хацела б з'ехаць, яна не гадавала. Калі хлопчык вучыўся ў сёмым класе, яго забрала да сябе родная сястра Ірыны Алена. У яе самой на той момант было трое сыноў.

— Я тады, як вам сказаць, спатыкнулася, пайшла па дрэнным шляху, і мяне пазбавілі бацькоўскіх правоў, — расказвае Ірына, пазбягаючы падрабязнасцяў. — Мне было цяжка. У 16 гадоў я ўжо пайшла працаваць швачкай на Дзяржынскую швейную фабрыку, у 17 выйшла замуж, у 18 нарадзіла Сярожу.

А потым шлюб мой разваліўся: мужа пасадзілі ў турму на чатыры гады. Я яго чакала-чакала, а ён мне напісаў: «Падавай на развод, я жанюся». Сын так і застаўся ў сястры. Я яго наведвала, вядома.

Адносіны ў нас з часам наладзіліся. Пасля гэтага выпадку (калі Ірына трапіла ў жатку камбайна. — Заўв. «Анлайнера») Сярожа з Оляй, сваёй жонкай, прыязджалі і наведвалі мяне. Казалі: «Давай паставім табе тут маленькі тэлевізар». Але я ж сябе ведаю, таму і адмовілася: будзе балаболіць кругласутачна! А яшчэ прапаноўвалі забраць да сябе. Купяць свой дом-і забяруць. А ў інтэрнат не хачу. Я ці тут буду, ці ў іх — іншага шляху няма.

— Пра што марыце?

— Пакуль жыву адным днём. Пражыла сёння — і дзякуй богу! Калі прачнулася ў рэанімацыі, разумела, што няма ўжо ні рук, ні ног. Ну а што рабіць? Рукі апусціць, якіх няма? А я жыць хачу. Проста хачу жыць. Бывае, дзесьці і засумуецца. А мара ў мяне адна: хадзіць! Стаць на ногі і хадзіць, не сядзець у вазку.

Лекар: «Выпадак Ірыны — дзіўны»

— У нас звычайная бальніца, не спецыялізаваная, проста ёсць ложкі сястрынскага догляду — іх усяго 15. Зараз разглядаецца праект закона, паводле якога чалавек можа займаць такі ложак не больш за тры месяцы. Далей ужо будзе вырашацца, куды яго адправіць. Часцей за ўсё гэта дом-інтэрнат, — кажа Вячаслаў Мелехавец, загадчык Фрунзенскай участковай бальніцы.

Дарэчы, ложкі сястрынскага догляду размяркоўвае не бальніца, а мясцовы выканкам. Пацыенты заключаюць дамовы на сястрынскі догляд і адлічваюць за гэта 90% пенсіі ў мясцовы бюджэт.

— Выпадак Ірыны Краўчанкі — дзіўны. Каб чалавек выжыў, страціўшы адразу чатыры канечнасці, — гэта рэдкасць. Калі яна толькі паступіла да нас у бальніцу, была вельмі худзенькая, а за чатыры гады, што ў нас жыве, набрала вагу, падужэла. Мы прапаноўвалі ёй пераехаць у інтэрнат, ужо правялі працэдуру афармлення, была пуцёўка, але яна адмовілася. Мабыць, таму што інтэрнат быў закрытага тыпу, куды накіроўваюць, напрыклад, тых, хто пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Тут ёй падабаецца больш. Тут у яе сяброўка Марына — яе рукі-ногі. Таму, напэўна, будзе жыць у нас да старасці.

«Камбайнер дагэтуль не акрыяў ад гэтага выпадку»

Кукурузнае поле, дзе адбыўся выпадак з Ірынай Краўчанкай, размешчана паблізу вёскі Тур'якава Дзяржынскага раёна і адносіцца да аграпрадпрыемства ААТ «Баравое-2003». Яго кіраўніцтва наадрэз адмовілася ад каментароў, запатрабаваўшы «не чапаць гэтую гісторыю».

У гэтай жа гаспадарцы працуе і камбайнер па імені Ігар — менавіта ён 20 верасня 2019 года кіраваў тым камбайнам, пад які трапіла Краўчанка. Праз знаёмага Ігар перадаў, што пакуль не можа гаварыць на гэтую тэму. З улікам яго асабістай просьбы і той інфармацыі, праверыць якую «Анлайнер» не змог, настойваць не сталі. Хай у Ігара ўсё будзе добра.

— Чалавек тады адчуў наймацнейшы шок: вы толькі ўявіце, што ён убачыў і перажыў! І мне здаецца, што дагэтуль перажывае. Лепш яго пакуль не чапаць, не вярэдзіць яму душу, — расказаў знаёмы з сітуацыяй чалавек, які пагадзіўся гаварыць толькі на ўмовах ананімнасці.

«Нам на кукурузнае поле прывозілі манекен — і камбайн заўсёды яго зразаў»

Паколькі другі бок гэтай гісторыі адмовіўся што-небудзь расказваць, журналісты папрасілі былога галоўнага інжынера аднаго з буйных беларускіх аграпрадпрыемстваў растлумачыць, што наогул адбываецца ў полі ў такія моманты і ці рэальна не заўважыць чалавека.

— Паглядзіце статыстыку: кожны год хтосьці ды трапляе пад камбайн падчас жніва, хоць у гэты момант на полі нікога быць не павінна, — расказвае Валерый Пятровіч (імя зменена на просьбу героя). — Але ж як бывае: калі поле каля вёскі, то мясцовыя бяруць кіяхі для хатніх жывёл на корм. І вось жа, як на злосць, пачынаюць хадзіць тады, калі ўжо тэхніка ў полі пайшла, бо думаюць: усё, збяруць кукурузу, і больш не будзе.

І вось уявіце: кукуруза 3-4 метры вышынёй, захоп у камбайна — 6 метраў у шырыню, хуткасць — 5-7 кіламетраў у гадзіну. Машыністу трэба і наперад глядзець, каб у які-небудзь слуп не заехаць, і ў той бок, дзе ідзе загрузная машына, — сачыць, як яна запаўняецца. І тут — чалавек! Не ўпэўнены, што неяк можна гэта прадухіліць.

Шмат гадоў таму ў Салігорскім раёне быў выпадак: чалавек трапіў пад камбайн і загінуў. Да нас на поле, дзе яшчэ стаяла кукуруза, прыехалі следчыя. Яны праводзілі следчы эксперымент: хавалі ў полі па ходзе камбайна манекен. Дык вось, камбайнер, нават ведаючы, што дзесьці стаіць гэты манекен, усё адно яго зразаў і не паспяваў спыніцца, колькі б раз яго ні вярталі на месца.

Проста дзіўна, што гэтая жанчына выжыла. І камбайнера мне таксама па-чалавечы шкада: немагчыма заўважыць чалавека ў кукурузе, а перажыванняў потым на ўсё жыццё.

Чытайце таксама:

20 гадоў таму ў псіханеўралагічным інтэрнаце ў Гродзенскай вобласці згарэў 31 чалавек. Што адбылося ў Дзятлаўскім раёне ў 2003 годзе

«Тое, што ў мяне ёсць — я за гэта ўчапіўся, трымаюся і жыву». Гісторыя мастака, які малюе зубамі

«Мы з братам асуджаныя на смерць». Хлопец з Бярозы расказаў, як выжывае з СМА і на што спадзяецца ў наступным годзе

Клас
8
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
25
Абуральна
13