Аляксей займаецца аднаўленнем і продажам грузавых машын, якія звычайна купляе з вайсковага захоўвання або з незапатрабаваных запасаў МНС. Некаторыя аўто, напрыклад, ГАЗ-66, пераробленыя ў аўтадом, застаюцца ў асабістым карыстанні. Дзённік камерцыйных і асабістых праектаў Аляксей вядзе на сайце drive2.ru. асабліва ён вылучае свае любімыя грузавыя «Мерседэсы». Кастамізаваны БРДМ-2 стаіць асабняком.

БРДМ-2 1984 года выпуску, набытая ў 2021 годзе
Рухавік 5,5 л бензінавы, 140 к.с.
Вага — 8 тон
Механічная каробка перадач, поўны прывад
Паліва — 30 л/100км у руху па шашы, на бездаражы — больш
Максімальная хуткасць — 90 км/г

«Такая машына цікавая тым, што яна ўяўляе сабой сімбіёз грузавога аўтамабіля і амфібіі. Грузавік плюс паўнавартасны катар з каютай, — распавядае Аляксей, — я глядзеў на тым жа drive2 блогі людзей, якія валодаюць такой тэхнікай, загарэўся.

За два гады, што выбіраў сабе такую машыну, разгледзеў чатыры варыянты. Толькі адзін БРДМ быў у больш-менш прыстойным стане, але, на жаль, ён ужо не мог плаваць.

Машына, якую ў выніку купіў у 2021 годзе, выпушчаная ў 1984 і мела прабег 300 км. На ёй былі ўсе заводскія этыкеткі. Выйшла з вытворчасці і 30 гадоў прастаяла без справы».

Бранявік, набыты з захоўвання МНС, быў дэмілітарызаваны. З яго знялі ўзбраенне, прыборы начнога бачання, перыскапічныя прыборы.

Для пачатку з машыны спілавалі дах, каб зрабіць новую надбудову. Да гэтага ўваход у аўто быў магчымы толькі праз два люкі на даху. У выніку мадыфікацыі з'явіўся бакавы ўваход. А таксама дадатковыя вокны і люстэркі — інакш вадзіць машыну было б немагчыма. Пры мадэляванні кабіны арыентаваліся на мадэль усюдыхода 60.03 «Кайман-ПР» (Паляўнічы-Рыбак), які выпускае ААТ «140-ы рамонтны завод». Такія машыны якраз прызначаюцца для перавозкі пасажыраў і грузаў па бездаражы.

Над амфібіяй працавалі яшчэ тры чалавекі. Перабралі рухавік, каробку перадач, змянілі гумовыя дэталі.

Уладальнікі некаторых мадыфікацый савецкіх БТР-аў пішуць пра тое, што па тэхнічную інфармацыю аб прыладзе ім даводзілася звяртацца ў архівы. Аднак у гэтым выпадку абышлося.

Па-першае, БРДМ-2, па словах Аляксея, на 80% падобны на знаёмы ГАЗ-66. Рухавік — такі ж, толькі больш магутны. Каробка перадач — такая ж, толькі ў адваротны бок. Масты — амаль такія ж, толькі закрытыя лістом брані.

Па-другое, да браневіка пры продажы прыкладалася інструкцыя па эксплуатацыі тэхнічнай прылады: «Там вельмі падрабязныя, пакрокавыя тлумачэнні. Каб любы салдат тэрміновай службы мог паправіць машыну ў полі. 

Літаральна: у такім выпадку вазьміце тры адвёрткі такія, два ключы такія. Пакладзіце злева ад сябе адвёрткі, справа ключы. Зрабіце тое. Праверце, каб злева былі тры адвёрткі, справа два ключы. Пратрыце інструмент, вярніце на месца».

У машыне праведзена ацяпленне, зроблены вібра– і гукаізаляцыя, устаноўлены аўтамабільныя сядзенні для кіроўцы і пасажыраў замест арыгінальных табурэтак: гаспадар за ваеннай аўтэнтыкай не гнаўся. Засталіся апошнія касметычныя рысы, накшталт зацяжкі прыборнай панэлі экаскурай.

Для таго, каб вадзіць бранявік, трэба мець правы трактарыста-машыніста; прыйшлося здаваць экзамены ў Дзяржтэхнаглядзе.

Аляксей вырашае пракаціць журналіста. Перад з'ездам у возера кіроўца ўздымае хвалеадбойнік спераду, адкрывае бронеахову. Па пяску машына рухаецца мякка, не буксуючы. Гук рухавіка не мяняецца. З'езд у ваду адбываецца як бы незаўважна. Ён бачны толькі воку, іншыя органы пачуццяў яго не заўважаюць. Уражанне — быццам знаходзішся ў камп'ютарнай гульні дзівоснай дакладнасці.

БТР-амфібія здольны «завіснуць» у вадзе на некаторы час. Пасажыр можа выйсці на дах і агледзець бераг з вады. Выезд на сушу адбываецца гэтак жа мякка і незаўважна, як і з'езд з яе. Забягаючы наперад — штурм Бярэзіны ад берага да берага прайшоў гэтак жа гладка і без адчувальных намаганняў, як і плаванне па возеры.

Пры павароце да возера Белы Бераг браневіку напярэймы падбег мужчына і папрасіў выцягнуць яго машыну на дарогу. Па словах Аляксея, такія просьбы паступаюць пастаянна. Кіроўцы легкавікоў рэгулярна спальваюць счапленне ў вязкім пяску над Белым Берагам.

«Цяпер парвём яго трос і паедзем далей. Свой, моцны, я не захапіў», — каментуе кіроўца браневіка. Аднак трос рвецца толькі раз, легкавік шчасліва заязджае на дарогу.

… За два гады Аляксей на сваім браневіку наездзіў 3800 км. Не так і мала, калі ўлічыць, што гэта машына выхаднога дня. На заднім сядзенні ляжаць выратавальныя камізэлькі для жонкі і дзяцей, у салоне свабодна змяшчаюцца складзеныя шэзлонгі: адпачываць — так з камфортам.

Выязджаць вось так на прыроду — напэўна, гэта самая лепшая пенсія для любога БРДМ-2.

Клас
18
Панылы сорам
7
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
8