Dev.by пагутарыў з непрацуючымі мужамі пра іх (ня)лёгкую долю. 

«Люблю бавіць час з сям’ёй, для мяне гэта — найлепшая праца»

Раман (усе імёны змененыя) — хірург, са сваёй жонкай разам яшчэ са школы, цяпер ім абаім па 28 гадоў. Пасля пераезду з Беларусі ў Грузію паўтара года не працаваў. Цяпер сям’я ў Польшчы, а ў Рамана зноў невялікая «паўза» — пакуль ён чакае накіраванне на новае месца працы.

— Даўно планавалі з’ехаць з Беларусі, бо не ўяўлялі для сябе жыцця ў гэтай краіне, — а трыгерам паслужыла палітычнае становішча, ну і ўзровень жыцця ў цэлым.

У жніўні 2021 года, калі мая вучоба ў медуніверсітэце падышла да канца, мы вырашылі злятаць на час у Грузію — паглядзець, як там абстаноўка. Паглядзелі — і засталіся там на паўтара года.

Праз тое, што я быў доктарам без стажу (адпрацоўваць па размеркаванні не давялося, бо вучыўся я платна), — знайсці працу ў Грузіі было складана. Дый заробкі былі такімі, што ў прынцыпе не мела сэнсу шукаць і працаваць. Мая жонка ўжо працавала ў ІТ, і яе зарплаты хапала нам усім на жыццё — я ж займаўся дзіцем, якому на момант пераезду споўніўся год і 3 месяцы, і домам. 

Аднак у нейкі момант мы вырашылі, што так працягвацца не можа, і раз у Беларусь мы вяртацца не збіраемся, то пойдзем тыповым для беларускіх дактароў шляхам — паедзем у Польшчу. Я вывучыў польскую (яшчэ ў Грузіі), здаў экзамены і пацвердзіў свой дыплом. Крыху больш за год я прапрацаваў у мястэчку — а цяпер мы пераехалі ў вялікі горад.

Пакуль я чакаю накіраванне на новае месца (вось ужо 2 месяцы) — адпачываю, даследую новы горад, бегаю, чытаю, займаюся дзіцем, пяку пірагі, гатую, прыбіраюся ў доме.

Я люблю бавіць час з сям’ёй, так што для мяне гэта — найлепшая праца. Плюс не так ужо складана: мы з жонкай каманда, дый дзіцяці амаль 4 гады ўжо, яно ходзіць у прыватны сад, таму першая палова дня — цалкам мая. 

«У ролі хатняй гаспадыні муж нашмат лепшы за мяне — усё даводзіць да ідэалу»

Муж Алены — джун devOps, сама яна — QA

. На працягу года пасля пераезду ў Літву мужчына не працаваў, а перавучваўся, каб увайсці ў ІТ, расказвае дзяўчына.

— Мы з мужам ажаніліся, калі мой працадаўца абвясціў пра рэлакацыю ў Літву, — вельмі хутка.

У Беларусі муж быў выкладчыкам у ВНУ — вёў тэхнічныя дысцыпліны пасля аспірантуры. А ў новай краіне, вядома ж, застаўся без працы. Ён пайшоў на курсы EPAM, каб вывучыцца на аўтаматызатара, — кампанія абяцала працаўладкаваць на фінішы, але, на жаль, «кінула» ўсіх сваіх студэнтаў. 

Пакуль муж не працаваў, ён дапамагаў па доме — гатаваў, прыбіраў, займаўся побытам. У ролі хатняй гаспадыні ён нашмат лепшы за мяне, бо, будучы чалавекам адказным, усё і заўсёды даводзіць да ідэалу. І хоць цяпер ён ужо знайшоў працу, гатуе дагэтуль часцей за мяне — у яго гэта банальна лепш выходзіць (я, напрыклад, так з эстэтыкай не дуру сабе галавы). Астатнюю хатнюю працу мы дзелім 50:50. 

Складана сказаць, ці падабалася мужу ўвіхацца па доме ўвесь той час, — напэўна, ён нейтральна ставіўся і ставіцца дагэтуль да гэтага: трэба — зробіць, не трэба — не будзе. Тады ён зразумеў, што я вельмі загружаная, а ў яго быў час на хатнія справы. Дый я таксама давала даручэнні. 

Яшчэ мы гаварылі з мужам пра будучыню, пра тое, хто будзе «сядзець у дэкрэце», калі ў нас народзіцца дзіця — і вырашылі, што той, у каго будзе меншая зарплата (на гэты момант — у мужа). Але наогул у нас абодвух ёсць магчымасць працаваць з дома, так што кожны зможа надаваць свой час малышу. Плюс той, хто пойдзе ў дэкрэт, паспрабуе дамовіцца на частковую занятасць.

«Гатаваць умею і люблю. Але цяпер гэта не занятак для душы, а «станок»

Арцём — Solution-архітэктар, на пачатку года сышоў у сабатыкал. Жонка Арцёма — Data-распрацоўшчыца. 

— У мяне 22 гады стажу ў ІТ — працую бесперапынна са свайго 18-годдзя, вядома, што назбіралася стомленасць — таму я вырашыў зрабіць паўзу на год.

Цяпер я займаюся сваім здароўем, дзіцем, якому споўнілася 9 гадоў, і хатнімі справамі. Спачатку былі цікавыя «спецэфекты»: я часам губляўся ў часе, не мог адразу сказаць, які сёння дзень тыдня, і нават згадаць, а што я рабіў учора. Але цяпер у мяне з’явіўся расклад трэніровак — і гэта прайшло. 

Мы з жонкай цяпер дзелім усе абавязкі ў прапорцыі 80: 20. Я спрабаваў браць на сябе ўсе 100% — але гэта выявілася складана: часу больш ні на што не заставалася, а пад канец дня я проста паміраў. З часам навучыўся ўсё рабіць хутка і пастаянна маніторыць прадукты ў халадзільніку. 

Што з гатаваннем — гэта я ўмею і люблю. Але цяпер гэта не занятак для душы, а «станок». 

Галоўнае маё захапленне цяпер — спорт, займаюся кожны дзень. І я магу сказаць, што гэта велізарнае задавальненне — нарэшце рабіць нешта для сябе. 

Яшчэ мы завялі сабаку — і гэта гарантуе мне 2 гадзіны прагулак на дзень. Увогуле, можна сказаць, што я задаволены. Дарэчы, вось што прыйшло ў галаву: калі працы ў цябе няма, незразумела, што цяпер лічыць за хобі і захапленні. Калі меркаваць, што гэта ўсё, што не звязана з хатнімі справамі, — то хобі займае занадта вялікую частку жыцця.

«Ужо не трэба ўдакладняць, пры якой тэмпературы што мыецца, дзе нешта ляжыць»

Пётра раней займаўся дыджытал-маркетынгам, летам 2023 страціў працу і шукае новую. Сям’я жыве ў Сербіі. 

— Мая кампанія прапаноўвала рэлакацыю толькі тым, хто адпрацаваў хаця б два гады, а я акурат перад пачаткам вайны толькі ўладкаваўся. У выніку пераязджаў за кошт кампаніі жонкі ў Сербію — а я перааформіў дамову са сваёй кампаніяй на ІП. 

Бліжэй да лета мінулага года пачаліся пытанні да маёй працы, але тады гэта не здавалася крытычным — тым больш, што мяне тады павысілі. Аднак пры канцы чэрвеня мне паведамілі: ліпень — апошні месяц маёй працы, кампанія разрывае дамову. І вось ад мінулага лета я ў актыўным пошуку працы. 

Арыентуюся на аддаленую працу ў еўрапейскіх кампаніях або міжнародныя офісы тут, але пакуль выніку няма. У мяне ёсць яшчэ падпрацоўкі на фрылансе, але яны не сістэматычныя. Таму асноўную частку часу я манітору вакансіі, рассылаю рэзюмэ, шукаю звесткі пра кампаніі. 

Апошнія пару месяцаў стаў займацца з кар’ернай кансультанткай (яна дапамагае з суправаджальнымі, адаптацыяй рэзюмэ пад вакансію) — быцам бы справы пайшлі больш бадзёра.

Чым яшчэ я займаюся: раз на тыдзень у мяне спорт, а ў астатні час — хатнія справы. Я прыбіраю, мыю бялізну, стараюся гатаваць сняданак і абед, а на вячэру мы або куды-небудзь выходзім, або заказваем дастаўку. 

У цэлым, я і раней нешта браў на сябе. Але тады я рабіў 40-50%, а цяпер — 70-80%. Але нельга сказаць, што побыт цалкам перайшоў на мяне.

Што да гатавання, то мы доўгі час карыстаемся праграмай з рэцэптамі Sidekick. Там і наборы рэцэптаў, і спіс пакупак — і гэта моцна палягчае працэс, вядома. У цэлым, я і раней гатаваў, але цяпер стаў больш упэўнена адчуваць сябе ў сітуацыях, калі нейкага прадукту ў халадзільніку няма і трэба знайсці яму замену або калі трэба нешта адмераць на вока.

Напэўна, я стаў больш арганізаваным на кухні.

Нельга сказаць, каб я набыў новыя навыкі, але мне адназначна стала прасцей арыентавацца ў хатніх справах — ужо не трэба кожны раз удакладняць, пры якой тэмпературы што сціраецца, дзе нешта ляжыць і г. д.

Ад побыту я не стамляюся. Часам, вядома, лянуюся і адкладаю нейкія нетэрміновыя справы на дзень-два. Але ёсць адчуванне, што пакуль у мяне ёсць такая магчымасць, то трэба браць на сябе больш хатніх абавязкаў — бо мне ўсё роўна прасцей кудысьці выйсці на працягу дня ў будні, адцягнуцца на гатаванне ці яшчэ нешта па доме. Мы з жонкай пра гэта не дамаўляліся асобна, проста мне такое размеркаванне здаецца больш справядлівым у бягучай сітуацыі. 

На працу — так, хочацца. Але не для таго, каб збегчы ад побыту, — а праз жаданне рэалізавацца прафесійна. У мяне ёсць працоўныя дасягненні, але я не дасягнуў яшчэ ўсяго, чаго хацеў бы. Мяне не напружваюць хатнія справы, але яны не даюць таго ж пачуцця задавальнення (што ты дасягнуў чагосьці), якое ўзнікае ад працы.

Хоць мне прыемна, калі жонка хваліць мае стравы і выстаўляе ў інстаграм нешта з прыгатаванага мной.

З асуджэннем або насмешкамі ў свой адрас з нагоды таго, што я цяпер даглядаю дом, я не сутыкаўся. У гатоўцы нават хутчэй наадварот, ёсць падтрымка ад людзей. Усё ж такі ў нашым пакаленні ўжо няма такога строгага стэрэатыпнага падзелу на мужчын-здабытчыкаў і жанчын-гаспадынь, ці гэта мне так здаецца з маёй бурбалкі.

І так, мы абмяркоўвалі з жонкай, што будзе, калі ў нас народзіцца дзіця. Прыйшлі да таго, што частку дэкрэта вазьму я. У прынцыпе, гэта і да пераезду было зразумела, калі абое працавалі і не было такога разыходжання ў даходах. У гэтым сэнсе нічога не змянілася. Я думаю, гэта нармальная практыка, і ёсць нейкае адчуванне дачынення з першых дзён.

Чытайце таксама:

Жонка айцішніка скардзіцца, як сям'і цяжка ў эміграцыі

«Краіна губляе людзей з высокімі даходамі». Што адбываецца ў беларускай айцішцы

«Не ўсё так блага». Што будзе са студэнтамі-айцішнікамі ў ЕГУ без EPAM

Клас
8
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
3
Абуральна
2