Школьнік на ровары ў Асмэры. Фота: Таццяна Гендэль

Школьнік на ровары ў Асмэры. Фота: Таццяна Гендэль

Эрытрэя — краіна даволі кантрасных рэалій. З аднаго боку, яе вуліцы поўныя раварыстамі не менш за славуты гэтым Амстэрдам. І гэта як бы сведчанне таго, што насельніцтва тут давярае чыстаму і даступнаму транспарту. Машын тут вельмі мала, а мотабайкі можна пералічыць па пальцах. Журналістка за чатыры праведзеныя ў эрытрэйскай сталіцы Асмэры дні налічыла іх толькі пяць.

Пластыкавых адкідаў тут таксама практычна няма, любыя пакупкі вам загорнуць у паперу, а на вуліцах чыста да такой ступені, што адчуваеш сябе трошкі ў музеі.

Фота: Таццяна Гендэль

Фота: Таццяна Гендэль

Усё гэта стварае бачнасць экалагічна свядомага грамадства і цешыць вока. Чым кепска шпацыраваць па прыгожым чыстым горадзе без машын і есці свежую італьянскую выпечку, загорнутую ў папяровую сурвэтку?

Аднак за гэтай шырмай хаваецца больш суровая праўда. Эрытрэя пастаянна ўваходзіць у лік найгоршых краін па забеспячэнні правоў чалавека. Аўтарытарны рэжым гвалтоўна душыць свабоды і прымушае грамадзян удзельнічаць у праграмах прымусовай працы, часта замаскаваных пад абавязковую нацыянальную службу.

Тут пастаянныя перабоі з вадой і электрычнасцю. Па стане на 2020 год 80,7% жыхароў Эрытрэі не мелі доступу да асноўных паслуг водазабеспячэння. Крайні недахоп асноўных паслуг змушае грамадзян выкарыстоўваць грамадскія крыніцы вады, такія як рэкі, для любой дзейнасці, якая патрабуе вадкасцяў. Што прыводзіць да забруджвання крыніц.

Фота: Таццяна Гендэль

Фота: Таццяна Гендэль

Гэта значыць, сама прычына такой вонкавай экалагічнасці Эрытрэі — яе эканамічныя і палітычныя абмежаванні. Сітуацыя ў Эрытрэі — суровы напамін, што экалагічны прагрэс не можа існаваць у вакууме. 

Але, нягледзячы на прычыны такой вымушанай экалагічнасці, варта расказаць пра тое, як ровар стаў тут не толькі асноўным відам транспарту, але і вялікай часткай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

Фота: Таццяна Гендэль

Фота: Таццяна Гендэль

Усё пачалося з каланіялізму

Ровар у гэтай афрыканскай краіне — спадчына італьянскага каланіялізму. Але геаграфія, клімат і культура дапамаглі эрытрэйцам не толькі пераняць яе, але і перасягнуць «настаўнікаў»: сёння эрытрэйскія спартсмены выходзяць на сусветны ўзровень і перамагаюць у буйных спаборніцтвах.

Эрытрэйцы захапіліся гэтым відам спорту, назіраючы за гонкамі італьянскіх раварыстаў на вуліцах у 1930-х гадах, калі іх краіна была італьянскай калоніяй. А неўзабаве яны выявілі, што Эрытрэя валодае шэрагам прыродных пераваг.

Сталіца краіны, Асмэра, знаходзіцца на вялікай вышыні — каля 2 350 метраў, а горныя трасы і сухі клімат дапамагаюць раварыстам развіваць цягавітасць. Эрытрэйцы таксама па сваёй прыродзе даволі хударлявага целаскладу, што дадае ім бонусаў у гэтым спорце.

Ужо ў 1939 годзе адзін з эрытрэйцаў выйграў у італьянцаў шматсерыйную велагонку, што паслужыла дадатковым штуршком да развіцця гэтага віду спорту ў краіне. Да 1960-х гадоў эрытрэйцы былі адзінымі чарнаскурымі афрыканцамі, якія ўдзельнічалі ў алімпійскіх спаборніцтвах па веласпорце, хоць і насілі эфіопскую форму, бо ў той час Эрытрэя ўваходзіла ў склад Эфіопіі.

Ілюстрацыйны малюнак

Ілюстрацыйны малюнак

Атрымаць запчасткі — практычна немагчыма. Візу — яшчэ складаней

Роварныя спаборніцтвы на вуліцах Асмэры праходзяць практычна кожныя выхадныя. Для гэтага ўсе буйныя дарогі ў горадзе перакрываюць, а насельніцтва сталіцы масава сцякаецца на вуліцы пазаўзець.

Адзіным рэальным канкурэнтам па папулярнасці тут з'яўляецца футбол, але некалькі гадоў таму ўся нацыянальная футбольная каманда, як толькі апынулася ў Еўропе, тут жа падала на бежанства, і ніхто з каманды дадому больш не вярнуўся. Гэтая гісторыя паставіла крыж на афіцыйнай падтрымцы футбола ў краіне.

Каб дасягнуць міжнародных перамог, эрытрэйскія раварысты павінны пераадолець шэраг сур'ёзных перашкод. Эрытрэя — маленькая і вельмі ізаляваная краіна з насельніцтвам усяго каля чатырох мільёнаў чалавек. Дастаўляць роварныя запчасткі ў краіну — велізарная праблема. Атрымаць візу для выезду за межы Эрытрэі яшчэ складаней.

Фота: Таццяна Гендэль

Фота: Таццяна Гендэль

Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, у 2015 годзе Эрытрэя здзейсніла выдатны прарыў, калі два веласіпедысты — Даніэль Тэклехайманот і Мерхаві Кудус — сталі першымі чарнаскурымі афрыканцамі, якія ўдзельнічалі ў велагонцы «Тур дэ Франс». У тым жа самым годзе Тэклехайманот стаў першым афрыканцам, які надзеў майку «горнага караля» на «Тур дэ Франс», што ён рабіў цягам чатырох дзён.

Абодва раварысты былі тады сустрэтыя на радзіме як нацыянальныя героі. Уся краіна стаяла на ўзбочынах дарог, каб пабачыць іх.

Даніэль Тэклехайманот. Ілюстрацыйны здымак

Даніэль Тэклехайманот. Ілюстрацыйны здымак

Не проста спорт, а магчымасць атрымаць свабоду

Эрытрэя — адзіная афрыканская краіна, якая мае такія глыбокія карані ў веласпорце. Кожны малады хлопец у краіне (на жаль, для дзяўчынак ровар застаецца проста сродкам перамяшчэння) спрабаваў займацца ім, каб даведацца, ці зможа ён трапіць у каманду. Яны вельмі матываваныя і адданыя сваёй справе.

А нядаўна веласпорту Эрытрэі быў дадзены магутны штуршок. Мірнае пагадненне са старым ворагам Эфіопіяй, заключанае некалькі гадоў таму, адкрыла межы Эрытрэі з яе суседам, што дазволіла пашырыць сувязі і канкурэнцыю паміж дзвюма магутнымі афрыканскімі веласпартыўнымі дзяржавамі.

Фота: Таццяна Гендэль

Фота: Таццяна Гендэль

Пасля прарыву на «Тур дэ Франс» у 2015 годзе ўсё больш эрытрэйцаў сталі наймацца ў каманды раварыстаў у Еўропе, Азіі і іншых краінах. Гэта павысіла матывацыю гоншчыкаў і дало кожнаму іскру ўсведамлення таго, што гэта магчыма.

Бо для жыхароў Эрытрэі займацца веласпортам — гэта не проста хобі ці прафесія, гэта шанец пакінуць жорсткі таталітарны рэжым і мець магчымасць пачаць сваё жыццё наноў.

У Эрытрэі можна сфатаграфавацца ў любым месцы, а потым лічыць, колькі ровараў відаць на фота. Фота: Таццяна Гендэль

У Эрытрэі можна сфатаграфавацца ў любым месцы, а потым лічыць, колькі ровараў відаць на фота. Фота: Таццяна Гендэль

Чытайце таксама:

«Белага чалавека ўспрымаюць як мяшок з грашыма». Беларус едзе праз усю Афрыку на ровары і ўвесь час трапляе ў прыгоды

Свая домработніца і напой для патэнцыі з сакрэтнага сорту бульбы: беларуская доктарка распавядае пра жыццё ў Афрыцы

Лукашэнка актыўна прасоўвае Беларусь на афрыканскім кантыненце. Але ці зацікаўлена Афрыка ў Беларусі? Тлумачыць эканаміст

Гэтая афрыканская зборная знялася з адбору на ЧС па футболе з-за боязі, што гульцы зборнай не вернуцца ў краіну

Што рухае пераваротамі ў Заходняй Афрыцы?

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
2