Фота: Еўрапол
У 2022 і 2023 гадах злачыннай групе ўдалося выкрасці рэдкія кнігі з нацыянальных і гістарычных бібліятэк Чэхіі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Швейцарыі.
Кралі чамусьці ў асноўным кнігі рускіх пісьменнікаў (у тым ліку першыя выданні Аляксандра Пушкіна і Мікалая Гогаля).
«У агульным ліку злачынная група нясе адказнасць за крадзеж як мінімум 170 кніг. Некаторыя з гэтых скрадзеных гістарычных артэфактаў былі прададзеныя праз аўкцыённыя дамы ў Санкт-Пецярбургу і Маскве, што фактычна зрабіла іх незваротнымі», — гаворыцца ў паведамленні Еўрапола.
Схема крадзяжоў была такой: злачынцы прыходзілі ў бібліятэкі, прасілі выдаць ім рэдкія і каштоўныя кнігі, затым старанна вымяралі выданні і фатаграфавалі іх, а затым вярталі. Праз нейкі час выкрадальнікі прасілі яшчэ раз выдаць ім тыя ж кнігі і падмянялі арыгіналы высакаякаснымі падробкамі. Але ў некаторых выпадках злачынцы проста ўзломвалі бібліятэкі і выкрадалі кнігі.
У дзень адмысловай акцыі Еўрапола ў Грузіі і Латвіі было задзейнічана больш за 100 супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія абшукалі агулам 27 месцаў.
У выніку паліцыянты арыштавалі чатырох чалавек і канфіскавалі больш за 150 кніг, каб вызначыць іх паходжанне. Яшчэ трое падазраваных былі арыштаваныя ў Эстоніі, Францыі і Літве. Двое падазраваных былі затрыманыя раней.
Чытайце таксама:
«У яго моцна адтапырвалася камізэлька». У Германіі затрымалі беларусаў, якія кралі ў крамах
У Нямеччыне судзяць жанчыну, якая 30 гадоў крала тавары з крамаў. «Улоў» склаў 20 тон